ГА́РВАРДСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак амер. паліт. эканоміі, які вывучае прыроду капіталіст. цыклаў і прагназаванне гасп. кан’юнктуры з выкарыстаннем метадаў стат. і матэм. аналізу, т.зв. «эканамічны барометр». Гал. ідэя Гарвардскай школы — магчымасць прадухілення і ліквідацыі крызісаў. Узнікла пасля 1-й сусв. вайны, склалася вакол К-та эканам. даследаванняў (створаны ў 1917 пры Гарвардскім ун-це). Буйны прадстаўнік Гарвардскай школы У.К.Мітчэл у сваёй працы «Эканамічныя цыклы. Праблема і яе пастаноўка» (1927) разглядаў эканам. цыклы, узлёты і падзенні дзелавой актыўнасці як больш або менш плаўную змену кан’юнктурных хваль. Ён прапаноўваў ствараць сістэму дзярж. страхавання ад беспрацоўя і ўвесці сістэму індыкатыўнага (рэкамендацыйнага) планавання эканомікі. Погляды Гарвардскай школы атрымалі пашырэнне ў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Польшчы, дзе ў 1920-я г. былі створаны кан’юнктурныя ін-ты для вывучэння стат. матэрыялаў з мэтай эканам. Прадказанняў.
Г.А.Маслыка.
т. 5, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)